СУБАЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
вышынны прыродны пояс у гарах умераных і субтрапічных шырот з перавагай субальпійскай расліннасці. Размяшчаецца ніжэй альпійскага пояса і вышэй ляснога горнага (у вільготных раёнах) ці стэпавага горнага (у сухіх раёнах) паясоў. Яго вышыннае становішча вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах і на З Каўказа С.п. размешчаны на выш. 1700—2300 м, на паўд. схілах Гімалаяў на выш. 3200—4000 м, у больш высокіх шыротах і абласцях, ахалоджаных марскімі цячэннямі, напр. на Курыльскіх а-вах, С.п. апускаецца да ўзроўню мора). Клімат халаднаваты, вільготны, снегавое покрыва 6—8 мес. Характэрны голыя скалы, восыпы, на пакатых схілах формы мярзлотнага рэльефу; субальпійскія лугі ў спалучэнні з хмызняковымі згуртаваннямі і крывалессем на горна-лугавых глебах; летнія пашы. У гарах Забайкалля, Сярэдняй і Усх. Сібіры месца С.п. займае падгальцовы пояс, дзе пераважаюць разрэджаныя прыгнечаныя лясы і рэдкалессі, зараснікі хмызняку, кедравага сланіку ў спалучэнні з невял. ўчасткамі лугоў, травастой якіх не дасягае шчыльнасці і відавога складу субальпійскіх лугоў.
А.Я.Яротаў.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)